Перш чым казаць пра беларускі нацыянальны рух у 20-ым стагодзьдзі пэўна не магчыма абыйсьці дзейнасьць беларускіх асветнікаў другой паловы 19-га стагодзьдзя. Менавіта тады адбывалася запачаткаваньне нацыянальнага адраджэньня ўжо ўласна з іменем беларускага, а не літоўскага. Пераход ад спадчыны Вялікага Княста Літоўскага да ідэі Беларускай нацыянальнай дзяржавы быў досыць складаным, ў шэрагу лепшых прадстаўнікоў тагачаснай нацыянальнай інтэлегенцыі яшчэ прысутнічала пэўная падвоенасьць у гэтай эвалюцыі…
У творчасьці такіх постацяў, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла замацоўваецца паняцьце Беларусі, якое гістарычна прыйшло досыць позна…
У 1863 г. супраць расейскага імперыялізму практычна на ўсіх этнічных беларускіх ды польскіх землях пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстаньне. У Беларусі паўстаньне ўзначаліў Кастусь Каліноўскі, які адмежаваўся ад падпарадкаваньня Польшчы, фактычна абвясьціўшы Незалежнасьць Літвы-Беларусі ад імя Літоўскага камітэту паўстаньня… Каліноўскі першым у нацыянальным палітычным руху легалізуе тэрмін “Беларусь” побач са старым назовам “Літва”. Паўстанскі камітэт выдае газету “Мужыцкая праўда” на беларускай мове. У апошнім звароце перад смерцю, які назывецца “Да люду беларускага. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага”, аўтар называе жыхароў краіны то літвінамі, то беларусамі, то бок гэта роднасныя паняцьці. Апошнія словы звароту такія: “Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе”. 10 сакавіка 1864 г. нацыянальны герой беларускага народу публічна быў павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні расейскімі акупантамі.
Трэба адзначыць маштаб паўстаньня. Расейскі публіцыст ды відавочца падзеяў Пётр Крапоткін у сваім творы “Запіскі рэвалюцыянера” прыводзіў словы расейскіх афіцэраў, якія падаўлялі беларусаў, “узброеныя банды паўстанцаў трымалі ўвесь край… Пакуль мы перасякалі нейкую мясцовасьць мы не сустракалі аніякага следу паўстанцаў. Але як толькі мы вярталіся, то дазнаваліся, што банды ўжо зьявіліся ў тыле… І калі які-небудзь селянін аказваў паслугі нашым войскам, мы знаходзілі яго павешаным паўстанцамі…” Прызначаны царом генерал-губернатар М. Мураўёў-“вешальнік” распраўляўся з паўстаньнем скрайне жорстка. Паўсюль у мястэчках на шыбеніцах былі целы замардаваных паўстанцаў, дзясяткі тысячаў былі сасланыя ў Сібір і на Каўказ у якасьці пасяленцаў… Расейская імперыя задушыла паўстаньне, аднак дагэтуль яно зьяўляецца сымбалем усенароднай барацьбы за Незалежнасьць. Нават за савецкім часам бальшавікі шанавалі памяць Каліноўскага, праўда паікнуўшы толькі сацыяльны змест, замоўчваючы нацыянальны…
Пасьля задушэньня пратэсту на дзясяткі гадоў ў Беларусі быў усталяваны жорсткі паліцэйскі рэжым, пераследавалася беларуская мова, насаджалася расейскае праваслаўе. Пачатак 20-га стагодзьдзя вызначыўся масавым перасяленьнем беларускіх сялянаў у Сібір у адпаведнасьці з “рэформамі Сталыпіна”, было пераселена каля 1,5 млн. чалавек. Замест беларусаў завозіліся жыхары цэнтральных губерніяў імперыі…
На пачатку XX-га стагодзьдзя
Аднак у пачатку 1900-ых гадоў ізноў пачалося нацыянальнае адраджэньне. Менавіта ў той час зьявілася цэлая россып нацыянальных талентаў, літаратараў, мысьліцеляў, палітыкаў. Увосень 1902 г. група студэнтаў-патрыётаў запачаткавалі Беларускую Рэвалюцыйную Партыю, якая паставіла за мэту адбудаваць незалежную і дэмакратычную Беларусь. Пад навевам модных на той час ідэяў на зьезьдзе арганізацыю назвалі Беларуская Сацыялістычная Грамада.
У Вільні пачалі выдавацца першыя беларускія газеты “Наша Доля” і “Наша Ніва”, якія сталі падмуркам нацыянальнай думкі, дзе гуртавалася беларуская інтэлегенцыя. Сярод лідэраў “Грамады” былі такія дзеячы, як В. Іваноўскі, Я. Варонка, З. Жылуновіч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Смоліч, Б. Тарашкевіч ды інш.
Бадай найбольш вядомыя сярод грамадоўцаў былі браты Іван і Антон Луцкевічы, якія заснавалі беларускую гімназію, Беларускае навуковае таварыства, Беларускае выдавецкае таварыства, Віленскі беларускі музей. Потым браты Луцкевічы былі ў кіраўніцтве Беларускай Народнай Рэспублікі.
Спачатку быў у “Грамадзе” і Вацлаў Ластоўскі, які потым перайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянраў (эсэраў). Ластоўскі выдаваў газету “Гоман”, напісаў “Кароткую гісторыю Беларусі”. Ластоўскі не верыў у палітычны звяз ні з Расеяй, ні з Польшчай, быў зацятым незалежнікам. У 1918г. Вацлаў Ластоўскі напісаў невялікую брашуру “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”, якая і цяпер забароненая на Бацькаўшчыне. Гэта быў першы беларускі катэхізіс, напісаны з нацыянальна-абарончых, нацыяналістычных пазіцыяў. Вось першыя радкі твора:
“1. Беларускі народ
– Мы – беларусы.
– Хто ёсьць беларусы?
– Беларусы – гэта народ славянскага племя.
– Чаму мы называемся беларусамі?
– Бо мы нарадзіліся беларусамі, у чыіх жылах цячэ беларуская кроў, чые прадзяды, дзяды і бацькі былі беларусамі.
– Як называецца той, хто выракаецца свайго народу?
– Той, хто выракаецца свайго народу – здраднік, душапрадаўца. Здрада – гэта найцяжэйшае ліхадзейства, якое толькі ведаюць людзі. Дзеля гэтага мы ніколі ні пакінем свайго народу. Шчыры беларус, праўдзівы сын свайго народу заўсёды будзе тэй думкі: “Няхай лепей загіну, чымсі адракуся ад свайго народу беларускага…”
Са снежня 1919г. Ластоўскі – Старшыня Рады Міністраў БНР.
Ужо ўзгаданая вышэй “Наша Ніва” стала падмуркам палітычнай і літаратурнай працы маладой беларуска эліты. На старонках газеты друкаваліся лепшыя беларускія творцы – Янка Купала, Якуб Колас, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Максім Багдановіч. Беларускае адраджэньне пачатку 20-га стагодзьдзя многія даследчыкі называюць “нашаніўскім кругабегам”…
Па меры росту нацыянальнай свядомасьці беларуская інтэлегенцыя ўсё больш цьвёрда адстойвала інтарэсы беларускага народу, вымагала спыніць русіфікацыю ды паланізацыю беларусаў, адчыніць беларускамоўныя школы, ВНУ. У віры палітычнага кіпеньня існавалі разнастаныя арганізацыі прыхільнікаў звязу з Расеяй, аднак найбольшую вагу мелі нацыянальныя арганізацыі. Акром названых партыяў хутка набірала вагу Хрыстыянска-дэмакратычнае аб’яднаньне.
Ва ўмовах сусветнай вайны патрыятычна настроеныя дзеячы склікалі 18 снежня 1917 г. у Менску Першы Ўсебеларускі кангрэс палітычных сілаў, на якім былі 1872 дэлегаты з усіх беларускіх земляў, у тым ліку са Смаленску, Вільні, Дзьвінску, Беластоку. Удзельнікі Кангрэсу потым распавядалі, што гэта была надзвычайная падзея вышэйшага ўздыму нацыянальнага духу. Беларускія дзеячы пісалі ва ўспамінах, што ніколі больш нічога падобнага не перажывалі ў жыцьці. Усе беларусы былі разам, генералы і салдаты, сяляне і паны, паэты і матросы…
Паступова дэлегаты пачалі заяўляць волю беларускага народу пра імкненьне да нацыянальна-палітычнай самастойнасьці. Бальшавікі неадкадна прыцягнулі вайсковыя часткі ды разагналі народны беларускі форум… Аднак Кангрэс пасьпеў стварыць Выканаўчы камітэт, які з гэтага часу кіраваў нацыянальна-вызвольным рухам беларускага народу і падрыхтаваў абвяшчэньне ў сакавіку 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі і ейнай незалежнасьці.
У гэты час лідэр бальшавікоў «Западной области» В.Кнорын пісаў: «Мы лічым, што беларусы не зяўляюцца нацыяй і што тыя этнагарафічныя асаблівасьці, якія іх аддаляюць ад іншых рускіх, павінныя быць зжытыя. Нашай задачай зьяўялецца не стварэньне новых нацыяў, а знішчэньне старых нацыянальных рагатак”. Савецкія камуністы працягвалі старую расейскую імперскую палітыку гвалтоўнай русіфікацыі, не збіраючыся спрыяць беларускаму народу… Палітыка бальшавікоў пераканала тых прадстаўнікоў беларускага руху, якія вагаліся ў пытаньні абвешчаньня поўнай дзяржаўнай Незалежнасьці ад Расеі ды ўсіх іншых краінаў, што выйсьця толькі ў самастойнай дзяржаўнасьці…
Пад сцягам БНР
25 сакавіка 1918 г. у 3-яй Устаўной грамаце Рады БНР Беларусь абвяшчалася незалежнай дзяржавай: “Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расійскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; ні пытаючыся народу, ён укінуў наш край у пажар вайны, чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.
Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай…”
У гэты час на фронце немцы перайшлі ў наступ, а бальшавікі панічна адступалі, Менск быў заняты войскамі кайзераўскай Нямеччыны. Яны забралі касу Народнага Сакратарыяту, сарвалі з яго будынку бела-чырвона-белы сцяг, выгналі службоўцаў. Лідэры БНР былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусьцяць іхнай сур’ёзнай палітычнай дзейнасьці па дамове з савецкім урадам у Берасьці… Дазволена было толькі культурніцкая дзейнасьць, і ў кароткі час кайзераўскай акупацыі беларусы змаглі зьдзейсьніць вялікі прарыў, адчыняліся беларускія школы, газеты і часопісы, тэатры.
На жаль ва ўрадзе БНР не было адзінадушша, існавалі розныя плыні, абазначыўся раскол між левым і правым крылом, якія па-рознаму бачылі сацыяльна-эканамічную палітыку. Замест цвёрдай абароны Нацыі ды ейных інтарэсаў шэраг дзечаў БНР паддаліся сацыялістычнай прапагандзе. Надзея на падтрымку Нямеччыны ў адбудове нацыянальных вайсковых фармаваньняў не спраўдзілася, як і не далі посьпеху звароты да краінаў Антанты… Тым не менш БНР была прызнаная Латвіяй, Летувой, Эстоніяй, Чэхаславаччынай, Балгарыяй, Турцыяй, Фінляндыяй, Украінай. Таксама праз пэўны час БНР вызнала і Нямеччына…
Праз 8 месяцаў адноснай свабоды ізноў на штыках вярталіся Саветы. Перад ад’ездам урад БНР выдаў 5-ую Грамату, дзе заклікаў беларускі народ да супраціву бальшавікам. Кіраўнікі БНР вялі актыўную дыпламатычную ды арганізацыйную працу. Але для грунтоўнай працы ў такіх умовах былі патрэбныя моцныя саюзьнікі, якіх не было. Найбольшую падтрымку таго часу ў фармаваньні вайсковых структур беларусам аказаў урад Дырэкторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі Сымона Пятлюры, але ўкраінцы таксама перажывалі вельмі бурлівыя і цяжкія часы…
Тагачаснае Польскае кіраўніцтва, якое заяўляла пра падтрымку беларусаў ды ўкраінцаў, на справе аніякай падтрымкі не дало. Больш таго, сфармаваныя Беларускія вайсковыя часткі БНР у Гародні, былі расфармаваныя польскімі ўладамі.
Бальшавікі на захопленых беларускіх землях хутка паказалі сваё сапраўднае аблічча, чынячы забойствы прадстаўнікоў заможных слаёў, духавенства, нацыянальных дзеячаў, праводзячы рэквізыцыі ды канфіскацыі. Беларусы на свае вочы вельмі хутка пабачылі што такое “ўлада Саветаў”, і пачаліся антысавецкія паўстаньні – практычна ў кожным беларускім павеце, але найбольшы размах набылі Койданаўскае, Слуцкае, паўстаньне генерала Булак-Балаховіча.
Хіба самым арганізаваным быў легендарны Слуцкі збройны чын, які распачаўся 28 лістапада 1920г. Паўстанцы змагаліся пад лозунгамі БНР за Незалежную Беларусь, большасьць удзельнікаў былі сяляне і гімназісты. Не было столькі зброі, каб узброіць усіх жадаючых уступіць у Армію БНР… Да таго прыярытэт надаваўся тым, хто меў хоць які вайсковы досьвед… Спачатку камуністы не надалі вялікага значэньня вайсковым дзеяньням на Случчыне, аднак пасьля цяжкіх баёў былі падцягнутыя вайсковыя сілы арміі Тухачэўскага, якія жорстка задушылі паўстаньне. Тыя беларускія героі, хто змог адыйсьці на польскі бок, былі раззброеныя палякамі ды інтэрніраваныя.
Генерал Ст. Булак-Балаховіч ды іншыя беларускія вайсковыя часткі, разам з арміяй С. Пятлюры ды польскім войскам змаглі спыніць наступ Чырвонай арміі Тухачэўскага ў знакамітай бітве “Цуда над Віслай” у жніўні 1920г. Польскія палітыкі не любяць узгадваць пра ролю беларусаў у тым вялікім змаганьні…
Генерал Балаховіч ваяваў у Першую сусьветную вайну і быў узнагароджаны шасьцю ардэнамі ды трымя салдацкімі Георгіеўскімі крыжамі. У часе грамадзянскай вайны ў Расеі быў генерал-маёрам Белай арміі. Аднак пасьля некаторага роздуму звязаўся з кіраўніцтвам БНР, атрымаў статус генерала Асобага атраду БНР і рушыў з Балтыкі ў Польшчу, а потым у Беларусь. Балаховіча падтрымаў Юзэф Пілсудскі ды забяспечыў зброяй і амуніцыяй. У кастрычніку 1920г. Балаховіч са сваім невялікім атрадам перайшоў мяжу, і за кароткі тэрмін сабраў войска больш за 20 тыс. чалавек, заняўшы амаль усё Палесьсе, узяў Тураў, Мазыр, дзе вывесіў бела-чырвона-белы сцяг і абвесьціў сябе “Начальнікам Беларускай Дзяржавы”. Аднак бальшавікі выбілі генерала з Мазыра, прымусіўшы сыйсьці ў нейтральную зону…
Тым не менш у розных месцах Беларусі дзейнічалі нацыянальныя партызанскія атрады, якія змагаліся з бальшавіцкай уладай, дамагаючыся незалежнасьці. Найбольш вядомая арганізацыя “Беларуская сялянская партыя Зялёнага дубу”, якая кіравала падпольнай барацьбой ажно да пачатку 30-ых.
Ва Ўсходняй Беларусі Саветы самым жорсткім чынам праводзілі сваю палітыку, калектывізацыю, масавыя расстрэлы, вываз сотняў тысяч людзей у папраўча-працоўныя лагеры ў Сібір, на Беламор-канал… Падлягалі вынішчэньню амаль усе прадстаўнікі нацыянальнай інтэлегенцыі. Гісторыкі да сёньня не могуць дакладна вызначыць маштабы камуністычнага тэрору, дамінуе лічба каля 1,5 млн. забітых беларусаў…
У Заходняй Беларусі падзеі ішлі крыху па іншым сцэнары…
Пасьля заключэньня між Савецкай Расеяй ды Польшчай ганебнага Рыжскага міру Беларусь была падзеленая на часткі, а мяжа праходзіла неўздалёк ад Менску. Такім чынам былі разарваныя сем’і, паламаныя лёсы мільёнаў людзей. Беларусы, як і ўкраінцы, патрапілі пад уладу чужынцаў…
Кіраўнік Польшчы Юзэф Пісудскі на пачатку абвяшчэньня БНР ды ЎНР выказваў падтрымку беларусам ды ўкраінцам, а надалей абяцаў аўтаномію ў складзе новай Рэчы Паспалітай. Але пасьля далучэньня беларускіх земляў адразу распачалася і палітыка паланізацыі беларусаў ды сацыяльны прыгнёт сялянаў. Сёньня польскія гісторыкі прыводзяь аргументы, што ў той час ва Ўсходняй Беларусі адбываліся масавыя рэпрэсіі ды забойствы, а ў Заходняй было ледзьве не райскае жыцьцё. Насамрэч у заходняй частцы нашай краіны Польшча праводзіла сваю агрэсіўную імперскую палітыку, хоць і больш хітрую, чым бальшавікі. У Заходняй Беларусі панаваў жорсткі палітычны рэжым і паліцэйскі тэрор. Польскі ўрад праводзіў палітыку засяленьня беларускіх земляў польскімі вайскоўцамі, гэтак званыя асаднікі, якім перадаваліся лепшыя дзялянкі. Расла дыферэнцыяцыя сялянаў, множылася колькасьць беднаты… Адбываліся эканамічныя пратэсты, страйкі, але і партызанская барацьба. Беларускіх патрыётаў пастаянна судзілі ды адпраўлялі ў вядомыя турмы – Лукішкі, Вронкі, канцлагер Картуз-Бяроза…
Вызвольны беларускі рух падзяляўся на камуністычны ды нацыянальна-дэмакратычны. Сярод нацыянальных трэба адзначыць хрыстыянскіх дэмакратаў (ксёнз Адам Станкевіч), сацыял-дэмакратаў (Браніслаў Тарашквіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі), сацыял-рэвалюцыянераў (Сяргей Баран), нацыянал-камуністы (Вера Харужая, Васіль Корж). Важную ролю ў грамадска-палітычным жыцьці краю адыграла Таварыства беларускай школы (ТБШ). У цяжкіх умовах нацыянальнага прыгнёту ТБШ выхоўвала значную колькасьць творчай інтэлегенцыі…
Другая сусветная вайна
Калі пачалася Другая сусветная вайна многія беларускія патрыёты, змучаныя расейскімі ды польскімі рэпрэсіямі, спадзяваліся, што нямецкія ўлады нарэшце дадуць волю беларусам ды пайшлі на супрацоўніцтва з новай уладай.
На пачатку на акупаванай беларускай тэрыторыі немцы рабілі некаторыя захады насустрач беларускаму руху, спадзяючыся выкарыстаць беларусаў супраць Чырвонай арміі.
Школьная адукацыя адбывалася на беларускай мове (часткова па-нямецку), быў створаны Саюз Беларускай Моладзі, усё адміністраваньне ў мястэчках і Менску адбывалася па-беларуску і па-нямецку. Была заснаваная Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, таксама адбывалася беларусізацыя Рыма-Каталіцкай ды Грэка-Каталіцкай цэркваў.
Выпускаліся газеты на роднай мове, працавалі тэатры, былі створаныя такія структуры як Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі. Шэраг выбітных нацыянальныя дзеячаў намагаліся ў такім становішчы выкарыстаць сітуацыю ды адбудаваць Незалежную Беларусь. Сярод якіх варта ўзгадаць такіх як Вацлаў Іваноўскі (бургамістр Менску), Язэп Найдзюк, Ян Станкевіч, Юліян Саковіч, Натальля Арсеньева, Іван Касяк, Яўген Калубовіч, Юры Сабалеўскі, кіраўнік СБМ Міхаіл Ганько ды многія іншыя.
Беларускія нацыяналісты справядліва не давяралі немцам ды рыхтаваліся да антынямецкага паўстаньня і абвяшчэньня сваёй самастойнай дзяржавы. Найбольш вядомыя арганізацыі, якія вялі барацьбу – Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з Вінцэнтам Гадлеўскім. “Здабудзеш Незалежную Беларускую Дзяржаву альбо загінеш у барацьбя за яе!” – вядомы покліч гэтай арганізацыі. Сябрамі БНП былі такія асобы як Міхаіл Вітушка, Усевалад Родзька, Барыс Рагуля, Іван Гелда. БНП выдавала свае агітацыйныя матэрыялы ды заклікала бязкампрамісна змагацца з немцамі, палякамі і савецкімі партызанамі. Арганізацыя ўсталявала сувязь з украінскімі нацыяналістамі АУН (б) ды брала ўдзел у легендарным зьезьдзе Антыбальшавіцкага Блоку Народаў (АБН) на Ровешчыне ў 1943г. Таксама дзейнічала беларуская незалежніцкая партызанка. Аднак савецкая кіраўніцтва праз вялікія высілкі ды закідваньне спегруп НКВД зьнішчыла падобныя атрады ды іхных камандзіраў… Таксама дзейнічала Партыя беларускіх нацыяналістаў Яна Станкевіча, аднак ейная дзейнасьць не набыла такога памеру як дзейнасьць БНП…
Гаўляйтэр Беларусі Вільгельм Кубэ быў надзвычай разумным і хітрым чалавекам, які лічыў, што стаўка мусіць быць зробленая на беларускі нацыяналізм. Гэтая палітыка процістаяла лініі Гімлера на знішчэньне славянскага насельніцтва, а таксама была смяротна небяспечная для савецкага кіраўніцтва. Пасьля шэрагу нападаў акцыя зладжаная савецкімі партызанамі, пры садзеяньні Гестапа, ўдалася, Кубэ быў забіты ў верасьні 1943 г… Беларусь была перададзеная пад кіраваньне структураў СС. Пасьля гэтага маштаб карных акцыяў нацыстаў на парадак вырас, а ўсю Беларусь абняў партызанскі рух…
Адным з чыньнікаў, які разбурыў даверлівыя стасункі між беларусамі ды немцамі, сталіся карныя акцыі зондэркаманд СС. Пасьля такіх крывавых акцыяў узмацняўся партызанскі рух. Той жа Кубэ слаў дзепешы ў Берлін, вымагаючы спыніць тэрор да беларускага насельніцтва, але гэта не дало выніку…
У Маскве быў сфармаваны партызанскі штаб на чале з П. Панамарэнка, які рыхтаваў дыверсійныя групы, каторыя масава закідваліся ў Беларусь. На партызанскія дзеяньні зондеркоманды СС адказвалі вынішчэньнем мірнага насельніцтва, спаленымі вёскамі… А звычайныя людзі былі вымушаныя ратавацца ў лясах. Такім чынам у Беларусі фактычна адбывалася свая грамадзянская вайна…
Толькі ў 1944 г. немцы пайшлі на такі крок, як абвяшчаньне Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), марыянеткавай пранямецкай дзяржавы, на чале з Радаславам Астроўскім. Савецкія ды расейскія гісторыкі называюць гэтага палітыка ня інакш як “крывавым пасобнікам акупантаў”, аднак дакладна вядома, што Астроўскі як мог перашкаджаў карным акцыям СС ды арганізоўваў беларускаія нацыянальныя структуры. (Пра гэта ў сваіх успамінах добра распавядае вялікі беларускі навукоўца Барыс Кіт.)
Таксама 23 лютага 1944 г. немцы дазволілі стварыць вайсковае фармаваньне – Беларускую Краёвую Абарону, агульнай колькасьцю каля 40 тыс. чалавек. Камандзірам БКА быў прызначаны Францішак Кушаль. Фармаваньні БКА выкарыстоўваліся супраць савецкіх партызанаў ды польскай Арміі Краёвай. Нямецкае камандаваньне ставілася з недаверам да беларусаў ды прысякала незалежніцкія захады камандзіраў БКА, не давала зброю. Адбываліся сутычкі між беларускімі часткамі ды карнымі падраздзяленьнямі СС датычна звычайных людзей, якіх беларусы баранілі. Немцы пачалі пераводзіць некаторыя часткі БКА ў дапаможную паліцыю, пасьля чаго многія дабраахвотнікі сыйшлі з гэтай вайсковай структуры…
Пасьля вайны
З прыходам Чырвонай арміі лёс беларускіх дзеячаў склаўся па-рознаму. Камуністы жорстка адпомсьцілі беларусам, якія па сваіх перакананьнях супрацоўнічалі з немцамі. Напрыклад, амаль усе актывісты СБМ, юнакі ды дзяўчаты, былі адпраўленыя ў лагеры, з якіх вярнуліся адзінкі…
Аднак многія эмігравалі, іншых чакала Сібір, а некаторыя працягнулі партызанскую барацьбу супраць савецкай улады. Сярод тых, хто працягваў збройнае змаганьне за незалежнасьць, найбольш вядомыя кіраўнікі – Усевалад Родзька ды Міхаіл Вітушка.
Як піша гісторык Сяргей Ёрш: “Усевалад Родзька яшчэ ў 1940-41 гг. разам з Вінцэнтам Гадлеўскім ды Мікалаем Шчорсам арганізавалі зародак падпольнай БНП у Варшаве. Потым перанесьлі дзейнасьць арганізацыі ў Беларусь… У. Родзька падтрымліваў кантакты з украінскімі нацыяналістамі, спачатку з атаманам Тарасам Бульбай-Бараўцом, а пасьля з АУН – Бандэры.” Родзька сустракаўся ў Берліне ў 1945 г. з Бульбай-Бараўцом і са Сцяпанам Бандэра, заключыўшы з імі пагадненьне аб супольнай барацьбе.
А яшчэ ў 1941 г. разам з Міхаілам Вітушка ды атаманам Харэўскім-Новікам кіравалі аддзелам Беларускай Самаабароны, якая разам з Палесскай Сеччу ачышчала Палесьсе ад марадзёраў. Пасьля таго, як немцы ў снежні 1942 г. у катавальні замучылі В. Гадлеўскага, узначаліў БНП. Разам з М. Вітушка ды І. Гелда рыхтаваў паўстаньне супраць немцаў, каб абвесьціць поўную Незалежнасьць Беларусі. У вырашальны момант, калі распачаўся II-гі Ўсебеларускі Кангрэс 27 чэрвеня, польскія акаўцы падарвалі чыгунку ды заблакавалі фармаваньні БКА, ехаўшыя на Менск, што перашкодзіла планам кіраўніцтва БНП…
Разам са сваім атрадам Беларускай Вайсковай Арганізацыі, фармаваньне БНП, прабіваўся ў 1945 г. у Беларусь для арганізацыі нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Быў арыштаваны НКВД ў Беластоку разам з Іванам Гелда, і адразу дастаўлены на допыты ў Менск, дапытваў яго уласнаручна Лаўрэнцій Цанава, Міністр дзяржаўнай бясьпекі БССР. Гелду бальшавікі публічна павесілі ў Беластоку ў 1946г., а Родзьку забілі таемна. Дзе пахаваны У. Родзька, невядома дагэтуль… Рэшткі атраду БВА далучыліся да М. Вітушкі…
Міхаіл Вітушка у часы акупацыі паказаў сябе добрым арганізатарам, намагаючыся фармаваць беларускія мілітарныя структуры. Пасьля адыходу немцаў яму ўдалося заснаваць разгалінаваную падпольную сетку. Аб’яднаньне розных атрадаў атрымала назоў Беларускай вызвольнай арміі, якая дзейнічала да пачатку 1950-ых. Фармаваньні Вітушкі ладзілі дэзарганізацыю савецкіх структур, нападалі на аддзелы НКВД, вызвалялі арыштаваных людзей. Удзень сябры БВА былі звычайнымі абыватэлямі, а ўначы – грознай сілай, навадзіўшай жах на НКВД. Вітушка наладзіў супрацу з балтыйскімі антысавецкімі групамі, з якімі каардынаваў сваю дзейнасьць. Вядомыя некалькі надзвычай адчайных акцыяў атрадаў Вітушкі, як захоп Навагрудка (раённы цэнтр) ды вызваленьне ўсіх палітычных з вязніцы… Найбольш праўдзівая версія, што ў 50-ыя гады яму ўдалося прарвацца на Захад, а потым у Лацінскую Амерыку, дзе ён пражываў пад чужым іменем да канца сваіх дзён. Аб чым пасьля смерці М. Вітушкі паведаміў ягоны сын…
Таксама нельга не ўзгадаць пра барацьбу атраду Янкі Філістовіча. Філістовіч быў перакінуты ў Беларусь з падтрымкай амерыканскай выведкі ў 1951 г., ды намагаўся аб’яднаць застаўшыхся ўдзельнікаў БКА ды іншых беларускіх фармаваньняў. Філістовіч арганізаваў падпольную сетку актыву ў розных гарадах Беларусі, рыхтаваўся друк уласнай агітацыйнай літаратуры. А потым сфармаваў атрад, які месьціўся ў лясах Вілейкі. Філістовіч назваў сваю арганізацыю “Нацыянальна-вызвольныя збройныя сілы”, але гэта была ўсё ж лакальная структура. Партызаны заступаліся за людзей, дапамагалі збяднелым, вярталі канфіскаванае савецкай уладай дабро. Слава пра “беларускага Робін Гуда” хадзіла па ўсяму Саюзу. У лістападзе 1952 г. МДБ СССР змагло арыштаваць Філістовіча. Той жа Цанава быў вельмі ўражаны пасьля размовы з вельмі разумным, адукаваным ды інтэлегентным ворагам савецкай улады. Аб чым потым узгадваў у сваіх успамінах пра беларускага “нацыяналіста-ідэаліста”. Гэта не перашкодзіла Саветам расстраляць паўстанца. Месца пахаваньня Янкі Філістовіча невядомае…
Гісторыкі вызнаюць, што на тэрыторыі Беларусі пасьля вайны таксама дзейнічала шмат лакальных груп супраціву, гэтак званая “хутараншчына”…
Пасьля вайны беларускую справу на Бацькаўшчыне найбольш вялі пісьменьнікі, гісторыкі, настаўнікі. Цяжкая барацьба адбывалася беларускіх гісторыкаў за праўдзівае асвятленьне спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У савецкай навуковай школе, кантралюемай Масквой, было забаронена ўзгадваць пра беларускі характар гэтай дзяржавы, дамінаваў падыход вядомага русіфікатара Абэцэдарскага, які будаваў сваю канцэпцыю на “непарыўнай еднасьці трох славянскіх народаў”. Кожнае пакаленьне беларускіх гісторыкаў пачынала аднаўляць справядлівасьць, і нават за савецкім часам. Пасьля чаго іх падзьвяргалі рэпрэсіям, каго адпраўлялі ў Сібір, каго таемна забівалі, каго адпраўлялі ў псіхушку. Такім чынам была пасьлядоўна знішчаная беларуская гістарычная школа ў 50-ыя, 60-ыя і 70-ыя гады.
Адзін з тых, хто ўсё жыцьцё цярпеў пераслед савецкай улады, амаль згубіўшы зрок, быў легендарны гісторык Мікола Ермаловіч, які дажыў да 90-ых, і заснаваў цяперашнюю гістарычную школу Беларусі.
Дысідэнцкі рух магчыма не быў занадта шырокім у Беларусі, але такія асобы, як ксёнз Уладзіслаў Чарняўскі ды Міхаіл Кукабака, якія ў 70-ыя годы ізноў заявілі пра мэту адбудовы Незалежнай Беларусі, ведае ўвесь свет. М. Кукабаку, як шэраг іншых пратыўнікаў камуністычнай улады, гвалтам пасадзілі ў псіхушку.
25 сакавіка 1978 г. (на чарговую гадавіну Дня Незалежнасьці БНР) у Бабруйску Кукабака напісаў вядомы твор “Скрадзеная Бацькаўшчына”, а ксянза Чарняўскага ўратаваў сам Папа Рымскі, які пераканаў савецкія ўлады не арыштоўваць гэтага патрыёта… Доўгія гады Уладзіслаў Чарняўскі быў адзіным святаром у Беларусі, хто вёў службу на беларускай мове…
Да гэтага часу недаацэненая дзейнасьць беларускіх пісьменьнікаў, якія фактычна і зьбераглі лучнасьць пакаленьняў. Менавіта беларускія пісьменьнікі змаглі паўплываць і на Ўладзіміра Мулявіна, знакамітага “Песьняра”, а ў часы інтэнсіўнай русіфікацыі пераканалі Машэрава спыніць разбурэньне беларускамоўнай асьветы…
XX-ае стагодзьдзе было цяжкім для беларускага народу, беларусы перажылі жахлівыя рэпрэсіі, маштабы якіх можна параўнаць толькі з катаваньнямі украінскага ды габрэйскага народаў…
Былі цяжкія гады і шмат крывавых баёў, усе нацыянальна-вызвольныя пачынаньні былі раздаўленыя ворагамі, аднак беларускі народ выжыў.
25 жніўня 1991 г. адбылося Адраджэньне Беларускай Дзяржавы! І адбылося яно не на пустым месцы, не як “падарунак лёсу”, як любяць заяўляць некаторыя палітыкі сучаснай Беларусі, а праз вялікую ахвяру герояў!
Зараз Беларуская дзяржава перажывае ня лепшыя часы, патрапіўшы ізноў у жорсткую залежнасьць ад Расеі. Беларусь на становішчы краінаў сацыялістычнага лагеру ў часе існаваньня СССР, фармальна краіна самастойная, а рэальна цалкам залежная ад Масквы. І ўсё ж кропка ў гэтай гісторыі яшчэ не пастаўленая! І сёньня тысячы беларусаў змагаюцца так як могуць за Незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны насуперак рэпрэсіяў маскоўскай агентуры ды ў процістаяньні з прадажнымі проксі “новай апазцыі”, заснаванай расейскімі алігархамі ды спецслужбамі…
Ігнат Скварчэня